Максім Знак

Беларускі адвакат, асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі за сваю прафесійную дзейнасць

Хто такі Макс і чаму гэта важна?

  • Увесну 2020 года ў Беларусі пасаду прэзідэнта 26 гадоў запар займаў Аляксандр Лукашэнка, які паступова падпарадкаваў сабе ўсе галіны ўлады ў краіне. Гэта забяспечвалася шырокім апаратам спецслужбаў. Сілавыя структуры валодалі амаль неабмежаванымі паўнамоцтвамі ў дачыненні да грамадзян, маглі ўмешвацца ў любыя сферы жыцця. Суды не валодалі рэальнай незалежнасцю, і ў спрэчцы з уладамі ў грамадзяніна было мала шанцаў абараніць свае правы. Правы чалавека насілі дэкларатыўны характар і ў шэрагу выпадкаў істотна абмяжоўваліся - асабліва гэта датычылася свабоды выказвання, свабоды сходаў, свабоды асацыяцый, свабоды ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.

    Публічная праява іншадумства ці крытыка ўлады маглі пацягнуць негатыўныя наступствы для любога чалавека, уключаючы пазбаўленне працы, уласнасці, свабоды. Выбары прэзідэнта, парламента і мясцовага кіравання праводзіліся ва ўмовах, пры якіх грамадскасць не мела магчымасці пераканацца ў добраахвотнасці галасавання, адсутнасці фальсіфікацый і сумленнасці падліку галасоў. Актывісты і палітыкі, якія дамагаліся грамадскай падтрымкі і маглі скласці канкурэнцыю Лукашэнку, або не дапускаліся да ўдзелу ў выбарах, або падпадалі пад крымінальны пераслед, выціскаліся з краіны ці бясследна знікалі.

    У траўні 2020 у Беларусі былі прызначаныя чарговыя выбары прэзідэнта, якія павінны былі адбыцца 9 жніўня 2020 года. Пра намер вылучыць свае кандыдатуры заявілі некалькі новых незалежных прэтэндэнтаў, уключаючы Віктара Бабарыку. Ён быў паспяховым кіраўніком буйнога банка, мецэнатам у сферы культуры і прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў, таму імкліва пачаў набіраць папулярнасць.

    Нягледзячы на атмасферу несвабоды, у беларускім грамадстве быў вялікі запыт на перамены.

  • На момант прызначэння выбараў Максім Знак быў адвакатам, які спецыялізаваўся ў сферы суправаджэння бізнесу, кіраваў адвакацкім бюро, адначасова з юрыдычнай практыкай выкладаў ва ўніверсітэце, меў вучоную ступень кандыдата юрыдычных навук. У канцы траўня 2020 года ён далучыўся да выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і стаў яго юрыдычным прадстаўніком, аказваючы як адвакат прававую дапамогу па пытаннях выбарчага працэсу.

    Усяго за месяц выбарчай кампаніі каманда Віктара Бабарыкі сабрала для яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты рэкордную ў гісторыі Беларусі колькасць подпісаў - ён стаў галоўным канкурэнтам рэжыму Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

    18 чэрвеня 2020 года па дарозе ў выбарчую камісію Віктар Бабарыка быў арыштаваны і ўзяты пад варту, а пазней - не дапушчаны да ўдзелу ў выбарах. Адвакат Максім Знак паслядоўна прадстаўляў інтарэсы Віктара Бабарыкі ў выбарчым працэсе, дамагаючыся рэгістрацыі яго ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, і абскардзіў адмову ўладаў дапусціць Віктара Бабарыку да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

    Нягледзячы на тое, што ўлады выдалілі з выбарчай кампаніі Віктара Бабарыку (ў ліпені 2021 года Віктару Бабарыку прысуджана 14 гадоў пазбаўлення волі), кандыдатам у прэзідэнты была зарэгістраваная Святлана Ціханоўская. Яна выступіла ў гэтай якасці замест свайго мужа, Сяргея Ціханоўскага, які быў арыштаваны незадоўга да арышту Віктара Бабарыкі з той жа прычыны - паколькі быў прыкметным канкурэнтам рэжыму Лукашэнкі (у снежні 2021 года Сяргею Ціханоўскаму прысуджана 18 гадоў пазбаўлення волі).

    16 ліпеня 2020 года палітычны штаб Віктара Бабарыка далучыўся да штаба Святланы Ціханоўскай, а Максім Знак як адвакат стаў аказваць прававую дапамогу Святлане Ціханоўскай, нягледзячы на высокую асабістую рызыку.

    Акрамя таго, падчас усёй выбарчай кампаніі Максім Знак праз медыя публічна тлумачыў выбарчыя правы грамадзянам, указваў на іх парушэнні дзяржаўнымі органамі і распавядаў аб прававых мерах, якія прымаюцца з мэтай дамагчыся сумленных выбараў.

    Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, калі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абясціла перамогу Лукашэнкі, Максім Знак ад імя Святланы Ціханоўскай падаў скаргу ў Вярхоўны Суд аб прызнанні выбараў несапраўднымі. Але суд адмовіўся нават прыняць яе да разгляду. Сама ж Святлана Ціханоўская, якая паводле многіх сведчанняў магла лічыцца пераможцам выбараў, пад ціскам сілавых структур была вымушана пакінуць Беларусь.

    Пасля агучвання афіцыйных рэзультатаў галасавання, на фоне масавых пратэстаў і іх гвалтоўнага падаўлення ўладамі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі заснавалі Каардынацыйную раду - грамадскі орган, створаны для мірнага пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі. Максім Знак стаў адным з заснавальнікаў Каардынацыйнай рады і ўвайшоў у склад яе прэзідыума.

  • 9 верасня 2020 года адвакат Максім Знак быў арыштаваны і змешчаны пад варту. 6 верасня 2021 года пасля закрытага ад публікі працэсу ён быў прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы», а таксама ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» .

    Неправамернасць крымінальнага пераследу адваката Максіма Знака прызнаная міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі.

    Amnesty International прызнала Максіма Знака вязнем сумлення, а кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый - палітычным зняволеным.

    Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях устанавіла, што арышт і пазбаўленне волі Максіма Знака былі адвольнымі, паколькі не мелі прававых падстаў, былі абумоўленыя мірным ажыццяўленнем яго правоў, былі вынікам парушэння яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва і грунтаваліся на дыскрымінацыі па прыкмеце яго палітычных поглядаў і яго статусу юрыста палітычнага апазіцыйнага руху, таму Максім Знак павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены.

    Спецыяльныя дакладчыкі ААН заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх зняволеных у краіне, затрыманых па надуманых абвінавачаннях у ажыццяўленні сваіх асноўных правоў, у тым ліку Максіма Знака.

    Аднак улады адмовіліся вызваліць Максіма Знака. Вось ужо больш за тры гады ён знаходзіцца ў зняволенні. Увесь гэты час у Беларусі праводзяцца жорсткія масавыя рэпрэсіі.

  • У цяперашні час Максім Знак утрымліваецца ў папраўчай калоніі №3 у пасёлку Віцьба Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь. Там яго шматразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, які ў практыцы беларускіх папраўчых калоній выкарыстоўваецца як спосаб прычынення асаблівых пакутаў вязню.

    З лютага 2023 года Максім Знак цалкам пазбаўлены сувязі са знешнім светам: улады не дапускаюць да яго адвакатаў, пазбавілі яго тэлефонных званкоў, спатканняў і ліставання нават з членамі сям’і.

    Камітэт па правах чалавека ААН 19 студзеня 2024 заклікаў улады Беларусі тэрмінова забяспечыць Максіму Знаку магчымасць зносіцца з адвакатам, сям’ёй, а таксама доступ да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

    Інстытут па правах чалавека Міжнародной асацыяцыі юрыстаў 21 лютага 2024 выступіў з адкрытай заявай да ўладаў Беларусі аб тым, што ўтрыманне Максіма Знака ў становішчы без сувязі са знешнім светам катаваннем, супярэчыць міжнародным абавязанням Беларусі і павінна быць спынена.

    У дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 15 сакавіка 2024 зафіксавана, што Максім Знак утрымліваецца інкамунікада больш за 11 месяцаў і гэта можа быць прыраўнана да гвалтоўнага знікнення (A/HRC/55/61, пункт 35).

    Гэтыя звароты былі праігнараваныя ўладамі Беларусі.

    Усе аргументы аб неабходнасці забяспечваць правы Максіма Знака ўладамі праігнараваныя, а скаргі - адхіленыя. Усе адвакаты, якія баранілі Максіма, былі пазбаўленыя права практыкаваць.

    Ёсць важкія падставы непакоіцца за яго жыццё і здароўе.

    Такім чынам, Максім Знак не толькі неправамерна пазбаўлены волі, але і ўтрымліваецца ў катавальных умовах. Патрабуем спыніць гэта!

Просім усіх людзей спампаваць гэты плакат, размясціць у сваіх сацыяльных сетках, а таксама даслаць на адрас беларусіх уладаў з патрабаваннем спыніць катаванні адваката Максіма Знака. 

Спампаваць:

JPG

PDF

PNG

Патрабаванне спыніць катаванні Максіма Знака вы можаце даслаць уладам Беларусі адначасова на наступныя адрасы:

Міністэрства замежных спраў: mail@mfa.gov.by

Генеральная пракуратура: info@prokuratura.gov.by

Дэпартамент выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў: pismo@din.gov.by